СЯРЭДЗІННААКІЯНІ́ЧНЫЯ ХРЫБТЫ́,

магутныя падводныя Горныя збудаванні ў межах дна акіянаў, якія найчасцей займаюць пасярэдняе становішча. Назіраюцца ў выглядзе планетарнай сістэмы на дне ўсіх акіянаў. Сумарная даўж. каля 75 тыс. км, шыр. да 2 тыс. км, адносная выш. 1—3 тыс. м. Сістэма С.х. уключае Гакеля хрыбет, Сярэдзінна-Атлантычны хрыбет, Цэнтральнаіндыйскі хрыбет (разам з Аравійска-Індыйскім), Усходне-Ціхаакіянскае падняцце. Асобныя вяршыні ўздымаюцца над узр. ак. ў выглядзе вулканічных астравоў (Буве, Св. Алены, Трыстан-да-Кунья і інш.). С.х. характарызуюцца развіццём разрыўных парушэнняў зямной кары, у т. л. вял. папярочнымі разломамі і зрухамі, актыўным вулканізмам і высокай сейсмічнасцю. Уздоўж гал. восі размяшчаюцца рыфтавыя даліны з агаленнямі на дне ультраасн. парод, паводле складу блізкіх да рэчыва мантыі Зямлі.

т. 15, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)